Ці ёсць у вас знаёмыя паэты? Ці ведаеце вы людзей, якія не могуць не пісаць? Думаю, што большасць з вас адкажа адмоўна на гэтае пытанне.
Сапраўды, жорсткі век тэхналогій паступова і эфектыўна знішчае нашу душу, свядомасць, уменнея бачыць хараство. І таму на вагу золата тыя па-харошаму несучасныя людзі, якія пішуць вершы.
Знаёмцеся, Ратушнюк Юлія, дзесяцікласніца гімназіі № 1 г. Дзяржынска – адна з такіх незвычайных людзей. Яе жыццёвае крэда змяшчаецца ў агромістым зялёным нататніку, дзе з зайзроснай рэгулярнасцю з’яўляюцца вершы. Рускія, беларускія і проста выдатныя. Таму, калі быў аб’яўлены рэспубліканскі конкурс “Брамамар’Юні”, лепшага ўдзельніка знайсці было цяжка. Так на разгляд кампетэнтнага журы былі прадстаўлена 10 вершаў рознай тэматыкі. Віктар Лупасін, Таццяна Сівец, Людміла Рублеўская, Алесь Бадак, Яўген Жвалеўскі (так-так, іх кнігі вы бачылі ў бібліятэцы!) з больш чым 350 ўдзельнікаў адабралі 10.
25 мая адбыўся фінал конкурса, у ходзе якога трэба было зацугляць сваё вельмі капрызлівае натхненне, крэатыў, дамовіцца з музамі і за две гадзіны распісаць метафарычныя азначэнні да тэматычнай групы “Анатомія вясны”, а таксама сачыніць верш. Прычым, адгаворкі, маўляў, на заказ не пішам, не прымаліся.
Аказалася, што дзве гадзіны дастаткова, каб атрымаліся невялічкія шэдэўры. Так паэтка Таццяна Сівец, член журы ў намінацыі “Паэзія” ў захапленні зачытала метафару Юліі: “У вясны горкі смак. Асабліва тады, калі ты з’ядаеш кветачку бэзу з трыма пялёсткамі, загадаўшы папярэдне самае запаветнае жаданне” .
Цырымонія закрыцця. Дзесяць фіналістаў на сцэне. Хвалююцца ўсе. На экране запіс твора-пераможцы. Так, Юлія Ратушнюк за адзін вечар стала новай зорачкай маладой беларускай паэзіі.
Пасля… Пасля фотасесія, інтэрв’ю і дарога дадому з нататнікам на каленях. Цёплыя кроплі вясновага дажджу нашэптвалі новы верш.