З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго,—
Ты выткана, дзіўная родная мова.
Максім Танк
21 лютага ў свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА.
Сёння ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.
Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.
У нашай гімназіі праходзілі мерапрыемствы, якія прысвечаны Дню роднай мовы. Актывісты ГА «БРСМ» дапамагалі праводзіць гэтыя мерапрыемствы. Удзельнічалі ў акцыі «Мая родная мова», у межах якой на рэкрэацыі 1 і 2 паверха яны размясцілі лістоўкі з выказваннямі вядомых дзеячоў пра беларускую мову, у тым ліку і ўраджэнцаў Дзяржыншчыны.
Ва ўсіх была магчымасць прыняць удзел у розных акцыях, выставах, конкурсах:
Акцыя “Гавары са мной па-беларуску”;
Сацыялагічнае апытванне “Ці размаўляеце вы на беларускай мове?”;
Выстава “Пісьменнікі-юбіляры 2018 г.”;
Беларускі музычны калейдаскоп;
Акцыя “Мае любімыя беларускія словы”;
Работа лекцыйных груп “Гісторыя беларускай мовы”;
Конкурс малюнкаў “Мая Радзіма-Беларусь” ;
Конкурс чытальнікаў “Мой любімы верш”.
Таксама прымалі ўдзел у інтэрнэт фотаконкурсе “Цытуй сваё”, дзе было трэба фатаграфавацца з любімай цытатай з кнігі беларускага аўтара на беларускай мове і размясціць са сваім каментаром у сацыяльнай сетцы на сваёй старонцы з абавязковымі хэштэгамі.
У раённай бібліятэцы праводзілі дыктоўку, якая ўжо з’яўляецца традыцыйным мерапрыемствам правядзення Дня роднай мовы ў многіх краінах свету. А члены БРПА паўдзельнічалі ў некаторых мерапрыемтвах і дапамаглі аформіць прыгожую выставу.
Мова – частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй, працягваюць жыць традыцыі. Мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання.
Нават калі ўчора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на «трасянцы», а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове. А дзеля пачатку дастаткова зусім мала – проста паспрабаваць адзіны дзень у год, напрыклад, 21 лютага, размаўляць па-беларуску.