СЯДЗІБА

Цэнтрам жыцця Волмы ў XIX, пачатку XX стагоддзя было памесце Ваньковічаў. Сядзіба размешчана на беразе р. Волма, на ўскраіне вёскі Волмы пры ўездзе ў яе з боку Ракава. Яна з’яўляецца помнікам дварцова-сядзібнай архітэктуры класіцызму.

Сядзібны дом – кампазіцыйнае ядро архітэктурна-паркавага комплексу. Гэта двухпавярховы, прамавугольны ў плане будынак на высокім цокале пад вальмавай страхой. Дом мае магутнае канструктыўнае рашэнне – яго сцены дасягаюць мятровай таўшчыні. Яны рытмічна падзелены прамавугольнымі аконнымі праемамі у простых налічніках з руставанымі перамычкамі і сандрыкымі. Па вертыквалі сцены падзелены паміжпавярховай цягай і завершаны прафіліраваным карнізам. Вось сіметрыі галоўнага фасаду выдзялялася класічным  чатырохкалонным порцікам (не захаваўся).

Флігель - просты аднапавярховы прамавугольны будынак пад  двухскатнай страхой. Адзіныя элементы архітэктурнага дэкора – вуглавы руст сцен і буйны прафіліраваны ўваход, выдзелены двума пілястрамі.

Найбольш разбураным сярод усіх будынкаў з’яўляецца капліца. Яна была выканана з чырвонай цэглы, мясцовага вырабу. Цагляны завод знаходзіўся ў чатырох кіламетрах ад памесця. У 50-ыя гады ў капліцы размяшчалася электрападстанцыя, пазней быў склад. У 70-я гады будынак быў закінуты. Мясцовыя жыхары пачалі разбіраць сцены і красці цэглу на выраб печаў. Па паданнях у капліцу выходзіў адзін з трох патаемных хадоў, якія злучалі яе з мясцовым касцёлам.

Парк мае пейзажную планіроўку. У яго аснове –алея, якая плаўна агібае паркавы масіў і цягнецца ад дарогі Дзяржынск-Волма да сядзібнага дому.  Пейзажныя куткі парку, яго паляны і курціны высаджаныя таполямі, елкамі, клёнамі, ліпамі. Ад флігеля да сядзібнага дому ўздоўж службовага корпуса прамая алея, перпендыкулярна трасіраваная да дарогі. Перад сядзібным домам знаходзіўся участак парку рэгулярнай планіроўкі.”

У 2001 годзе знайшліся дбайныя гаспадары - Міжнародны экалагічны ўніверсітэт імя Сахарава.

Дзяржава ў сакавіку 2001 года ўключыла ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь сядзібу Волма Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці і надала II катэгорыю каштоўнасці.

НА ГАЛОЎНУЮ